ІНВЕСТЫЦЫ́ЙНАЯ ПАЛІ́ТЫКА,

сістэма мерапрыемстваў, якія вызначаюць найб. прыярытэтныя кірункі інвестыцый (капітальных укладанняў). Вызначае аб’ём, структуру і кірункі ўкладанняў капіталу ўнутры гасп. аб’екта (фірмы, прадпрыемства), рэгіёна, краіны і за іх межамі з мэтай развіцця вытв-сці, прадпрымальніцтва, атрымання прыбытку і інш. Ва ўмовах пераходнага перыяду да рынку і пераадолення крызісных сітуацый найперш забяспечваецца навук. абгрунтаванне І.п. на перспектыву, узгадняецца практыка прагназавання інвестыцый з новым гасп. механізмам, чым забяспечваецца радыкальнае паляпшэнне выкарыстання доўгатэрміновых укладанняў, павышэнне іх эфектыўнасці як умовы паскарэння сац,эканам. развіцця краіны. Уплыў дзярж. рэгулявання на І.п. ажыццяўляецца праз механізм падаткаабкладання, амартызацыйную палітыку, парадак прадастаўлення бюджэтных асігнаванняў на фінансаванне інвестыцый і інш. эканам. метады.

У.​Р.​Залатагораў.

т. 7, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)